Ліцьвінства/бел

Материал из Pampedia
Перейти к: навигация, поиск
нармальный чалавечэскій языкрусский


No-image.png А гдзе карцінкі?
Цекст нужна разбавіць ілюстрацыямі абнажоных жэншчын!


УВАГА: зараз будзе багата літар і для правільнага ўспрыняцця іх вытворных пажадана трохі пашурупіць глуздам. Тэрміны якія вы ведалі дагэтуль могуць для вас набыць новы сэнс, бо яны змяняліся ў часе і прасторы.


Сутнасць

Ліцьвінства — сучасная філасофска-палітычная плынь у Беларусі, якая грунтуе гісторыю сваёй дзяржавы на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага і акцэнтуе балцкі кампанент беларускага этнасу. 20 траўня 2000 года ў Наваградку быў падпісаны Акт абвяшчэння ліцьвінскай нацыі, які паклаў пачатак руху ліцьвінізма. Большасць прыхільнікаў ліцьвінізму выступае за вяртанне сучаснай беларускай мовы на лацінку. Пры гэтым тэрміны беларусы і літвіны з'яўляюцца неадназначнымі. З аднаго боку, ліцьвіны — не беларусы, а з другога — кожны беларус можа стаць ліцьвінам, калі ўсведамляе сябе такім. Этнонім "беларус" лічыцца ідэалагічна нагружаным тэрмінам, які з'явіўся ў XIX стагоддзі для замацавання перыферыйнасці мясцовага насельніцтва ў адносінах да "вялікаросаў".[1]

Гэта здарылася ў выніку рэпрэсіяў, якія мелі месца пасля паўстання 1863 года, яны абарвалі сувязі вузкай эліты з часамі ВКЛ. Нацыятворчыя працэсы вынішчылі пад корань, таму працу трэба было пачынаць з нуля. Менавіта таму ў пачатку 1870-х гадоў нацыянальны рух нібыта зведаў перазагрузку. Спярша ён развіваўся ў рэчышчы агульнарасійскага. Адначасова працягвалася вывучэнне краю (толькі не з боку польскамоўных, а і з боку расійскамоўных даследчыкаў). Пазней былі вылучаныя патрабаванні аўтаноміі — развіцця ў складзе федэрацыі — і, нарэшце, незалежнасці. Так сталі выкарыстоўвацца тэрміны “Беларусь” і “беларусы”, раней ужо вядомыя ў грамадстве (як і адкуль яны распаўсюджваліся — тэма асобнай, вялікай дыскусіі +спасылка на Хроніку Белай Русі. А . Белага). У выніку, калі адбывалася фармаванне нацыі, у свядомасці людзей замацавалася саманазва “беларусы”. І вярнуцца да “ліцвінаў” ужо было позна.[2]

Украінцы, рускія, палякі і іншыя еўрапейскія народы называлі беларусаў "ліцвінамі". У XIV–XV стст. "ліцвінамі" называлі сябе пераважна жыхары заходніх зямель Беларусі і ўсходу Літвы. У XVI і асабліва ў XVII–XVIII стст. гэта назва распаўсюджваецца амаль на ўвесь беларускі этнас. Такая форма "нацыяльнага" самавызначэння насельніцтва Беларусі (асабліва шляхты) умацоўваецца пасля аб'яднання Вялікага Княсгва Літоўскага з Польскім каралеўствам у Рэч Паспалітую, якое разглядалася палякамі як "аб'яднанне дзвюх нацый у адзіную нацыю". Мясцовыя магнаты і шляхта доўгі час падкрэслівалі, што яны менавіта "ліцвіны", чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўнанацыянальнай самасвядомасці. "Мы і палякі, хоць і брацьця, але зусім адменных звычаяў", — пісаў у канцы XVI ст. канцлер Л.Сапега. Назвы "ліцвіны", "літва", на думку даследчыкаў, былі найбольш абагульняючай формай этнічнай самасвядомасці і самавызначэння беларускага насельніцтва. Яны ўжываліся на нашых тэрыторыях больш пяцісот гадоў, а ў другой палове XIX ст. перамясціліся на паўночны захад і сталі найменнем суседняга балцкага народа і яго зямлі.[3]


У прыхільнікаў ліцьвінізму існуе адмысловы сайт, на якім можна даведацца пра яго "асновы". Асноўная іх памылка палягае ў тым, што першапачаткова паняцце "ліцьвіны" наогул не магло суадносіцца з паняццем "нацыя" у яго сучасным разуменні.


Першапачаткова ж, ліцьвінства — гэта з'ява, якая узнікла ў ХІХ ст, грунтавалася на гістарычных і культурных традыцыях ВКЛ, праяўлялася ў цікавасці да народнай культуры, на ўсведамленні этнакультурнай адметнасці як ад маскалей, так і ад пшэкаў. Было часткай рэчпаспалітаўскага патрыятызму, хоць і адрознівалася высокай ступенню аўтаномнасці. Па сваёй канфесійнай прыналежнасці большасць прадстаўнікоў гэтай традыцыі з’яўляліся носьбітамі (бывала прыкідваліся) каталіцтва галаўных мазгоў, а па саслоўным складзе належалі да шляхты.[4]


Для таго каб разабрацца ў сутнасці дадзенага паняцця, яго некаторай трансфармацыі і з ім звязаных срачаў неабходна ўсведамляць, каго звычайна маюць на ўвазе пад ліцвінамі і дзе праходзіць уяўная мяжа паміж старажытнымі Літвой і Руссю (да апошняй Масковія не мае ніякага дачынення). Бо менавіта праз недасканаласць гіпотэз пра гэтыя паняцці ліцвінства і з'явілася. Дадаць пра лакальныя супольнасці і адсутнасць саманазвы.

Спрошчаны погляд падае наркомаўская педзівікія,(тарашкевіцкая педзівікія ў разгляд не прымаецца праз сваю палітычную прадузятасць да паняцця якое разглядаецца): Ліцвіны, або літвіны (стар.-бел. литвины) — назва жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, пераважна заходніх тутэйшых і ўсходніх лабусаў у 14–18 ст. У 16–18 ст. назва «літвіны» набыла гучанне палітоніма — дзяржаўнага палітычнага вызначэння ўсяго насельніцтва ВКЛ, аднак адрознівалася ад саманазвы менавіта лабусаў (аўкштайты і жэмайты), усходніх тутэйшых носьбітаў праваславія галаўных мазгоў (русіны, руськія) і палешукоў.У 19 – пачатку 20 ст. арэал існавання назвы «літвіны» звузіўся. У наш час ужываецца як экзаэтнонім у палякаў для вызначэння літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невялікіх груп беларускага насельніцтва, некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся і часткова беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.[5]

Меркаванні

Згодна распрацоўкам Вячаслава Насевіча і Міхаіла Спірыдонава, адной з асноўных прыкмет размежавання Літвы і Русі, па стане на сярэдзіну XVI ст., была пераважная сістэма павіннасцяў залежных сялянаў. У “Літве” дамінавала паншчына, на “Русі” — традыцыйная натуральная і грашовая даніна (якая з сярэдзіны XVI ст. часткова набывае форму чыншу), што асабліва красамоўна выяўляецца пры аналізе зямельнай уласнасці феадалаў, якія мелі зямельныя ўладанні як у “літоўскай”, так і ў “рускай” частках ВКЛ. Галоўная выснова даследчыкаў: мяжа паміж “Руссю” і “Літвой” не супадала ні з этнічнай (у сучасным разуменні), ні з адміністрацыйнай мяжой (ваяводстваў і паветаў). “Русь” ВКЛ ахоплівала толькі частку тэрыторыі, населеную “рускімі” — нашчадкамі насельніцтва Кіеўскай Русі. Жыхары Верхняга Панямоння, Пабужжа, басейна Прыпяці таксама вызнавалі праваслаўе, размаўлялі на “рускай мове” (варыянт старабеларускай мовы), але гэтыя землі называліся “Літвой”, “Падляшшам”, “Палессем”. Акрамя таго, аўтары катэгарычна не згодныя з М. Піліпенкам, што ў XVI ст. тэрмін “Белая Русь” пазначаў усю этнічную тэрыторыю беларусаў. Даследчык адзначае, што XIV–XVI стагоддзях назва “Літва” мела значэнне палітоніма і выкарыстоўвалася для абазначэння ўсёй дзяржавы, падуладнай кіруючай дынастыі Гедымінавічаў-Ягайлавічаў. Арэал існавання назвы ў гэтым сэнсе супадае з дзяржаўнымі межамі і змяняўся ў адпаведнасці з іх зменамі, безадносна да этнічнага складу. Але паралельна існавала рэгіянальнае значэнне назвы “Літва” (то бок хароніма), якое адрознівала яе ад “Жамойці” і ад “Русі”. Паходжанне хароніма “Літва” можна растлумачыць падвойным чынам. З аднаго боку, гэта былі тэрыторыі, якія трывала ўваходзілі ў склад ВКЛ з моманту ўтварэння дзяржавы, у адрозненне ад іншых зямель, якія альбо былі далучаныя пазней.

Найноўшая канцэпцыя Алеся Белага прыўносіць у разуменне тэрмінаў “Літва” і “Русь” сацыякультурныя і цывілізацый ныя складнікі. Гісторык лічыць, што паводле дадзеных наяўных крыніц і даследаванняў, “палітычная Літва” сярэдзіны XVI ст., якую можна таксама назваць “калектыўным даменам палітычнага народа Літвы”, з’яўляючыся неаднароднай у этнічных і канфесійных адносінах (істотная доля праваслаўнага русінскага насельніцтва на поўдні і ўсходзе), паўстае істотна адрознай ад “Русі” ў наступных прававых і сацыяльных аспектах: 
  • у “Літве” значна больш развіта прыватнае землеўладанне, старадаўнія воласці ў значнай меры зазналі разбурэнне;
  • пераважная большасць прыватных зямельных уладанняў належыць прывілеяванаму саслоўю — “палітычнаму народу Літвы”, шляхце каталіцкага веравызнання, амаль цалкам літоўскага этнічнага паходжання (сярод дробных землеўладальнікаў доля “палітычнага народа” ніжэйшая, і яшчэ ніжэйшая — сярод феадальна залежнага насельніцтва, што тлумачыць адрозненні паміж этнічнымі і палітычнымі межамі “Літвы”);
  • адрозніваецца сістэма павіннасцяў феадальна-залежнага насельніцтва, прынамсі, пасля правядзення Аграрнай рэформы 1550-х гадоў (у “Літве” — гэта пераважна паншчына, на “Русі” — традыцыйна натуральная і грашовая даніна, пазней таксама чынш) і, магчыма, звычайным правам, якое рэгулюе жыццё сялянскіх грамадаў;
  • на ўсёй тэрыторыі “палітычнай Літвы” інтэнсіўна развіваецца сетка каталіцкіх парафій, уключаючы і перыферыйныя раёны з перавагай праваслаўнага насельніцтва, у той час як у суседняй “Русі” касцёлы фундуюцца вельмі рэдка і толькі ў буйных гарадах, дзе меліся экстэрытарыяльныя абшчыны каталікоў;
  • цывілізацыйная перавага каталіцызму палягчае рэцэпцыю заходнееўрапейскіх прававых норм, перш за ўсё — Магдэбургскага права ў гарадах і мястэчках “Літвы”, якое ў “Русі” распаўсюджваецца толькі ў некалькіх найбуйнейшых гарадах;
  • у многіх гарадах “Літвы” маюцца юрыдычна аформленыя габрэйскія абшчыны;
  • на дадзенай тэрыторыі ні ўрад, ні падданыя не апелююць да прынцыпаў рускай “старыны”;
  • уся тэрыторыя “Літвы” вольная ад любых фармальных абавязкаў у адносінах да Арды і Маскоўскай дзяржавы.


Паводле А. Белага, гэтыя дастаткова рэзкія адрозненні “Літвы” ад “Русі”, якія не ставіліся пад сумнеў да пачатку Лівонскай вайны, у ходзе якой выявілася вострая пагроза страты “Русі” на карысць Маскоўскай дзяржавы. Вайсковая пагроза прымусіла ўрад ВКЛ, а затым Рэчы Паспалітай адмовіцца ад палітыкі захавання рускай “старыны” і перайсціда дынамічнага пашырэння пералічаных прынцыпаў сацыяльнага ўладкавання на ўсю тэрыторыю ВКЛ, што ў цэлым і было дасягнута да канца XVII ст. І ў гэтым сэнсе можна казаць, што ўсё ВКЛ да канца існавання дзяржавы стала “Літвой” (хоць сэнс гэтага паняцця зведаў істотнае змяненне ў параўнанні з XIII–XVI стагоддзямі), асноўнаю праяваю чаго стала паглынанне “палітычным народам Літвы” праваслаўнай русінскай шляхты, якая не вылучыла ніякай альтэрнатыўнай праграмы, акрамя рэфлекторнага захавання “даўніны”. А. Белы таксама адзначае, што менавіта за рэгіёнам “Русь” Вялікага Княства Літоўскага пазней, пачынаючы з 1580-х гадоў, а рэальна з пачатку XVII ст., замацаваўся харонім “Белая Русь”. Але акрамя гісторыка-геаграфічнага, сацыяльнага і палітычнага вызначэння і размежавання “Літвы” і “Русі”, у беларускай гістарыяграфіі было сфармуляванае пытанне пра карэляцыю гэтых двух кампанентаў з этнічнай гісторыі беларусаў. Этнолагі Ігар Чаквін і Павел Церашковіч адзначаюць, што назва “Літва”, з аднаго боку, было палітонімам, з іншага — экзаэтнонімам (знешнім этнонімам) з боку расіянаў, украінцаў і палякаў. Гэта назва распаўсюджвалася на ўсіх жыхароў ВКЛ, перш за ўсё на літоўцаў і беларусаў. У сваю чаргу, Георгій Галенчанка крытычна ацэньвае меркаванне пра “літвінаў” як эндаэтнонім (саманазву) беларусаў з так званай “гістарычнай Літвы” або заходніх зямель Беларусі. Даследчык адзначае, што ў крыніцах XIV–XVI стагоддзяў можна знайсці прынамсі восем значэнняў тэрміна “Літва”, сярод якіх найбольш распаўсюджанымі былі чатыры:
1) дзяржаўна-палітычная прыналежнасць літоўцаў, беларусаў, украінцаў і прадстаўнікоў іншых этнасаў,што насяляюць ВКЛ;
2) абазначэнне жыхароў заходняйчасткі ВКЛ, якая ў XVI ст. ахоплівае Віленскае і Троцкае ваяводствы;
3) “уласна літоўскі этнас” (пераважна на тэрыторыі Аўкштоты);
4) літоўскі этнас у больш шырокіх межах, у тым ліку балты Падляшша і заходніх зямель Беларусі.

На думку Галенчанкі, палітонім або тэрытарыяльна-палітычнае вызначэнне беларусаў як “літвінаў” у той перыяд не перарасло ў эндаэтнонім. Эндаэтнонімам продкаў сучасных беларусаў і ўкраінцаў у XIV–XVI стагоддзях, а ў пэўнай ступені і пазней, быў тэрмін “Русь” (“людзі рускія”,“русіны”). У сваіх пазнейшых працах Г. Галенчанка даў падрабязную раскладку значэнняў тэрмінаў “Русь”, “рускі народ”, “рускі люд” у крыніцах XIV–XVI стагоддзяў:

1) У гістарычным кантэксце і свядомасці, галоўным чынам, адукаваных пластоў насельніцтва Беларусі і Украіны, старажытная Русь нярэдка разумелася як палітонім былых дзяржаўных утварэнняў у маштабах усяго кангламерату Русі ці асобных рускіх княстваў і адначасова як супольнасць з пэўнымі агульнымі канфесійнымі, духоўнымі і этнічнымі рысамі.
2) У XIV–XVI стагоддзях і пазней гэты тэрмін выкарыстоўваўся ва ўнутрыдзяржаўным ужытку афіцыйных колаў і для самавызначэння асноўнага насельніцтва Беларусі, Украіны (і тых паўночна-ўсходніх рускіх княстваў, якія падпадалі пад уладу вялікіх князёў літоўскіх). “Руссю” называліпэўны гістарычны арэал ВКЛ, які не меў агульных адміністрацыйных межаў, але ў той жа час не выклікаў асаблівых цяжкасцяў у яго практычным тэрытарыяльным вызначэнні.
3) У ВКЛ на той стадыі фармавання этнічнай свядомасці асноўнага насельніцтва Беларусі і Украіны тэрмін “Русь” пераважна выкарыстоўваўся як агульны для ўсіх рускіх зямель ВКЛ. У канкрэтных абставінах можна меркаваць пра пераважна канкрэтнае значэнне таго ці іншага рэгіёна (этнасу) у агульным паняцці.
4) У знешнепалітычным кантэксце гэты ж тэрмін выкарыстоўваўся для вызначэння суседніх і больш далёкіх княстваў Паўночна-Усходняй і Паўночна-Заходняй Русі, Наўгародскай і Пскоўскай рэспублік. У пэўным кантэксце — таксама для вызначэння некаторых асобных рэгіёнаў Валыні, Кіеўшчыны, Польшчы.
5) Гэтае ж паняцце выкарыстоўвалася для вызначэння праваслаўнага насельніцтва ВКЛ і замежных “рускіх” княстваў, “рускай старыны”, мовы, звычаяў і культуры. Асноўная афіцыйная мова ВКЛ у Статутах і іншых прававых актах XV–XVI стагоддзях таксама завецца “рускай”.
6) Нарэшце, яно ўжывалася для вызначэння праваслаўнай царквы і канфесіі. Толькі праваслаўную царкву і канфесію часам называлі “рускай” ці схізматычнай верай.

Такім чынам, паводле Г. Галенчанкі, у XIV–XVI стагоддзях большасць асноўнага насельніцтва Беларусі па розных прычынах захоўвала свой традыцыйны эндаэтнонім “русіны” для вызначэння свайго паходжання,"рускі народ" у свядомасці тагачасных русінаў ВКЛ звычайна ўспрымаўся ў межах адной аб’яднанай этнаканфесійнай супольнасці беларуска-ўкраінскага арэала. Рэдкія канфесійныя канверсіі русінаў да апошняй трэці XVI ст. і ўтварэнне палітычнага народа-шляхты ВКЛ не вельмі адбіліся на этнічнай, канфесійнай, гістарычнай і рэлігійнайсвядомасці паспалітага люду Беларусі і Украіны. Да часткова іншых высноваў прыйшоў Вячаслаў Насевіч. На яго думку, у XVI ст. тэрмін “Русь” меў два значэнні. З аднаго боку, гэта быў суперэтнонім, агульная назва ўсіх народаў, якія ўзніклі на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Як і ўкраінцы, продкі сучасных беларусаў называліся “рускімі”, “русінамі” не таму, што атаясамліваліся з жыхарамі Маскоўскай Русі, але таму,што лічыліся нашчадкамі і спадчыннікамі Русі IX–XIII стагоддзяў. Тэрмін “русіны” меў, акрамя таго, значэнне рэлігійнае — праваслаўе было “рускай” верай.

З іншага боку, паняцце “Русь”, гэтак жа, як “Літва” і “Палессе”, было субэтнонімом — назвай адной з частак этнічнай тэрыторыі беларусаў. Гэтая “Русь” размяшчалася на Дзвіне і Дняпры на ўсход ад лініі Браслаў – Лагойск – Петрыкаў. Такім чынам, назвы “Літва” і “Русь” былі субэтнонімамі для часткі беларусаў і літоўцаў. Пры гэтым, паводле Насевіча, ні беларусы,ні літоўцы не мелі назвы, якая б ахоплівала цалкам іх этнічную тэрыторыю — “уласных назваў на ўзроўні этнасаў не было”. Сагановіч лічыць што адной саманазвы для беларусаў у часы ВКЛ не існавала: “Калектыўная ідэнтычнасць тады і не магла быць адзінай, бо людскія супольнасці звычайна валодаюць рознаўзроўневай сістэмай самаатаясамлення. У адным этнасе магло існаваць некалькі формаў самаідэнтыфікацыі, кожнай з якіх адпавядаў асобны кампанент адной і той жа этнічнай свядомасці”. І далей: “У ВКЛ, думаю, можна было адначасова быць і “ліцвінам”, і “русінам” — гэта не выклікала канфліктнасці ў тагачаснай свядомасці, і толькі ў індустрыяльным грамадстве адначасовая прыналежнасць да некалькіх нацый стала немагчымай”.

Пэўна можна пазначыць адну тэзу: сам факт гарачых дыскусій на тэму “Літвы” і “Русі” сведчыць, што беларуская гісторыя позняга сярэднявечча і ранняга Новага часу можа быць зразуметая толькі як узаемадзеянне гэтых двух фактараў. Прыбяры адзін з іх — і беларуская гісторыя становіцца зусім іншай. Фактычна яна рассыпаецца.[6]

Пытанне ўжывання тэрмінаў "літвіны", "русіны", "беларусы" закранаецца на старонках выданняў «Аналитическая газета «Секретные исследования» і яе форума ў Інтэрнэтах, а таксама альманаха "Дзеды" пад рэдакцыяй А.Тараса.

І ўсё б нічога, ды калі ўсе гэтыя канцэпцыі выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах то паміж іх носьбітамі здараецца не проста міжусобны гістарычны, а самы сапраўдны глабальны срач і прыпечосі з выкідам у сродкі масавай інфармацыі. Вось некаторыя з іх:

  • Жэстачайшэ забамбіла ў маскальскіх прапагандостаў, якія з часоў вешальніка лічаць Квітнеючую часткай маскальскай імперыі, а ліцьвінства тым, што можа раз'яднаць не толькі яе, але і славянскую супольнасць.[7]
  • Алесь Краўцэвіч адзначыў: "Цікава, што Расія падтрымлівае таксама рэгіянальныя праекты — тое ж «ліцвінства». Не ў разуменні, што «ліцвін» — гэта беларус, а ў разуменні, што, маўляў, мы літоўцы, маем вучыць літоўскую мову і злучацца з Літвой. Тое, чым да нядаўняга часу займаўся сп. Дзермант. Калі каротка, дык гэта выдумка нашых ворагаў, якую падтрымалі нашыя дурні. З боку Расеі атакуецца тое «ліцвінства», якое з’яўляецца сінонімам беларускасці. Таму што гэта, як і любыя згадкі пра пераемнасць з ВКЛ, ментальнае і тэрміналагічнае аддаленне ад Расіі. Бо наш народ прыняў сучасную назву, канечне, пад прымусам Расіі.[8]
  • Таксама срачы адбываюцца паміж самімі прыхільнікамі ідэй ліцьвінства. Сучаснае ліцьвінства вельмі неаднароднае [9], напрыклад, Пётра Рудкоўскі вылучыў паслядоўнікаў Алеся Белага — гарліваліцьвіны.[10]
  • Асобны від прыпечосі адчуваюць ідэолухі Квітнеючай, у ваеннай газетцы, напрыклад, быў размешчаны адпаведны артыкул, у якім аўтар у ідэях ліцвінства бачыць "прамы шлях да грамадзянскага супрацьстаяння".[11][12]

Спасылкі

  1. Литвинизм — Циклопедия
  2. Дзяніс Марціновіч: Чаму ліцвіны сталі беларусамі?
  3. Этнічныя працэсы на беларускіх землях
  4. Ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя. ХІХ – пачатак ХХ ст.
  5. Ліцвіны — Вікіпедыя
  6. Пошукі Айчыны: “Літва” і “Русь” у сучаснай беларускай гістарыяграфіі
  7. Что делать, когда вокруг одни литвины
  8. Алесь Краўцэвіч: Ліцвінства — выдумка ворагаў, якую падтрымалі дурні
  9. Зварот да літвінаў
  10. Дасканалы дуэт: КГБ і Алесь Белы
  11. Белорусы и литвины. Возможно ли согласие?
  12. Белорусы и литвины. Возможно ли согласие? Окончание