Вейшнорыя/бел

Материал из Pampedia
Перейти к: навигация, поиск
нармальный чалавечэскій языкрусский


Вейшнорыя (лацінкай Viejšnoryja) — выдуманая дзяржава, якая згодна з легендай вучэнняў "Захад-2017" суседнічае з Беларуссю. Вейшнорыя займае тэрыторыю большай часткі Гродзенскай вобласці і паўночна-заходніх частак Мінскай і Віцебскай абласцей[1]. Мяжа Вейшнорыі ў вялікай ступені супадае з мяжой Польшчы і СССР у 1920-1939 гг. Таксама заўважана, што "Вейшнорыя" супадае з тэрыторыяй, дзе падчас выбараў прэзідэнта ў 1994 годзе вялікі адсотак выбарцаў прагаласаваў за Зянона Пазьняка[2].

Меркаваныя межы Вейшнорыі
Праект герба і сцяга Вейшнорыі
Праект Вялікага герба Вейшнорыі, змешчаны на вымпеле
Талер Вейшнорыі, манета

Плошча прыкладна 46 103[3] км². Насельніцтва прыкладна 1 488 917 [4] чал.

"Абвяшчэнне" выдуманай дзяржавы выклікала вялікі, пераважна жартоўны, розгалас у Інтэрнэце.

Легенда вучэнняў "Захад-2017"

Вучэнні маюць статус стратэгічных — мадэляванне паўнавартаснай вайны. 12 ліпеня на форуме АБСЕ ў Вене намеснік кіраўніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Павел Муравейка часткова раскрыў сцэнар правядзення вучэння. Згодна з сцэнарам на вучэннях "Захад-2017" будзе распрацаваная мадэль канфлікту паміж «Паўночнымі» (Беларусь і Расія) і «Заходнімі» (кааліцыя трох дзяржаў-агрэсараў: Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі). Па сцэнарыі, «Заходнія» спрабуюць раскалоць саюз Беларусі і Расіі, пагоршыць сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў першай, дамагчыся там змены кіраўніцтва і, выкарыстоўваючы ўсё гэта, захапіць частку Беларусі і стварыць там дзяржаву пад назвай «Вейшнорыя». Пасля чаго «Заходнія» збіраюцца ўвесці свае войскі на тэрыторыю ўсёй краіны. «Паўночныя», адпаведна, павінны гэтым планам супрацьстаяць[5].

Паходжанне назвы

Назва "Вейшнорыя" паходзіць ад балцкага імя Вайшнор (у літоўцаў "Vaišnoras", у сярэднявечных прусаў "Waisnor") — «той, хто ахвотна частуе» (хлебасольны)[6]. У Ашмянскім раёне ёсць вёскі Вялікія Вайшнарышкі і Малыя Вайшнарышкі. На поўначы Літвы (у Шаўляйскім і Ёнішкіскім раёнах) ёсць вёскі Вайшнорай (Vaišnoriai).

У Інтэрнэце сустракаюцца дзве версіі напісання назвы выдуманай дзяржавы - Вейшнорыя і Вайшнорыя. Другая назва лічыцца больш аўтэнтычнай.

Рэакцыя ў Інтэрнэце

Вестка пра выдуманую дзяржаву Вейшнорыя стала прычынай розгаласу і шматлікіх жартаў у інтэрнэце. Самая папулярная беларускамоўная газета "Наша Ніва" прапанавала сваім чытачам прайсці жартоўны тэст "Ці сапраўдны вы вейшнорац?"[7]

30 жніўня ў Твітары з'явіўся акаунт "МЗС Вейшнорыі", у якім публікуюцца жартоўныя палітычныя заявы ад імя выдуманай дзяржавы. Паводле акаунта "МЗС Вейшнорыі", гімнам выдуманай дзяржавы з'яўляецца песня "Нямон" гурта "Стары Ольса" Той жа акаунт паведамляе, што афіцыйныя рэзідэнцыі выдуманай дзяржавы знаходзяцца ў Гродне, парламент і ўрад (акрамя міністэрства культуры) - у Лідзе, а культурнай сталіцай Вейшнорыі з'яўляецца Смаргонь [8].

На адмысловым сайце ідзе спроба стварыць з Вейшнорыі сапраўдную "віртуальную дзяржаву" з парламентам, валютай і г.д.

Дыпламатычнае прадстаўніцтва

У Адэсе дзейнічае прадстаўніцтва Вейшнорыі ў Чарнаморскам рэгіёне vk.com/veish

Пашпарт грамадзяніна Вейшнорыі
Вейшнорыя перамагла Расію

Рэакцыя грамадскасці

На думку гісторыка Аляксандра Пашкевіча, шэф-рэдактара часопіса "Arche. Пачатак", назва "Вейшнорыя" можа замацавацца ў якасці жартоўнай за паўночна-заходняй часткай Беларусі: "Я дык не здзіўлюся, калі за месяц вучэнняў гэтая вар'яцкая "Вейшнорыя" нават і замацуецца для нефармальнага жартаўлівага азначэння рэгіёна Беларусі з перавагай ці значнай доляй у структуры мясцовага насельніцтва каталікоў. Бо раней, здаецца, абагуленай назвы для яго лаканічнага акрэслення ў нас і не існавала"[9].

Пісьменнік Вінцэсь Мудроў лічыць, што розгалас вакол выдуманай дзяржавы распальвае сепаратысцкія настроі: "Гісторыя з "Вейшнорыяй", якая апанавала інфармацыйную стужку, гэта нішто іншае, як наўмыснае распальваньне сэпаратысцкіх настрояў у краіне. Бо сярод "вейшнорцаў" відавочна знойдуцца тыя, хто ўхопіцца за ідэю адасабленьня згаданай тэрыторыі і стварэньня там незалежнай краіны, вэктар разьвіцьця якой будзе скіраваны на Захад"[10].

Гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут піша: "Вейшнорыя - яшчэ той анекдот, але ёсць штосьці злосна-вычварнае ў тым, з якой лёгкасцю генералы абвесцілі адну частку краіны ворагам іншай часткі... У любым выпадку гэта мне не падабаецца"[11].

Спасылкі

  1. Сцэнар вучэнняў «Захад-2017»
  2. «Варожая Вейшнорыя» супадае з электаральнай картай Пазняка за 1994 год
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Гадавыя дадзеныя "Колькасць насельніцтва па абласцях і г. Мінску" http://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/solialnaya-sfera/demografiya_2/g/chislennost-naseleniya-po-oblastyam-i-g-minsku/
  5. На учениях «Запад-2017» противниками России и Беларуси будут «сказочные» страны
  6. Вейшнорыя, Весбарыя, Лубенія: што азначаюць назвы ўмоўных ворагаў Беларусі
  7. Ці сапраўдны вы вейшнорац? ТЭСТ - "Наша Ніва" - першая беларуская газета
  8. «МЗС Вейшнорыі» пачало працу ў інтэрнэце. Гучаць палітычныя заявы і заклікі да мабілізацыі - Наша Ніва - першая беларуская газета.
  9. Аляксандр Пашкевіч - Facebook
  10. Vinceś Mudroū - Facebook
  11. Andrzej Poczobut - Facebook